У Савецкім раёне міліцыя зьбіла двух маладзёнаў за налепкі

bajkot.jpg

Уначы 18 верасьня ў Савецкім раёне за расклейку налепак «Байкот!» былі арыштаваныя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Сьцяпан Лаўрэцкі і Вадзім Саколін.

Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 самі затрыманыя, пры арышце да іх ужылі фізічную сілу: білі дубінкамі па нагах і сьпіне. У іх адразу жа забралі мабільныя тэлефоны, не даўшы патэлефанаваць ні бацькам, ні сябрам. Пасьля маладых людзей адвезьлі ў Савецкае РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 23.34 КААП РБ -- «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства або пікетаваньня».

У актывістаў канфіскавалі пачак налепак «Байкот!» Дапытвалі, дзе яны ўзялі налепкі, зьдзяйсьнялі псіхалагічны ціск, пагражаючы: «Вы яшчэ пашкадуеце аб гэтым! Мы сапсуем вам жыцьцё!» і пратрымалі ў камеры да 10 гадзін раніцы, адкуль павезлі ў суд Савецкага раёна.

Пастанова суду – штраф у памеры 1 млн 50 тыс. беларускіх рублёў (500 даляраў ЗША) кожнаму. Прычым на рукі актывістам «Еўрапейскай Беларусі» самой пастановы не выдалі, а толькі паперкі, па якіх штраф аплаціць немагчыма.

Судзьдзя Аксана Рэлява судзіла маладзёнаў паасобку, нават без сьведак, то бок міліцыянтаў, што ўдзельнічалі ў затрыманьні.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» намераныя накіраваць скаргі да назіральнікаў місіі БДІПЧ АБСЕ.

Гэты выпадак становіцца сьведчаннем разыходжаньня паміж афіцыйнымі заявамі ўладаў і дзеяньнямі супрацоўнікаў сілавых структураў.

Нагадаем, што 27 жніўня сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў аб тым, што ў Беларусі «не забароненая агітацыя за байкот выбараў».

«Я бачыў налепкі, заклікаючыя байкатаваць «парламенцкія выбары». Хай агітуюць», — сказаў Лазавік.

У той жа час супрацоўнікі міліцыі кіруюцца інструкцыяй «Забеспячэньне аховы правапарадку і дарожнай бясьпекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў», выдадзенай уладамі. Паводле дадзенага дакумента, розным структурным падпадзяленьням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзеньне наступных мерапрыемстваў: своечасовага інфармаваньня праваахоўных органаў пры выяўленьні грамадзянаў, якія займаюцца антыдзяржаўнай агітацыяй і заклікаюць да байкатаваньня выбараў.

Пакінуць каментар

Зьмест гэтага поля прыватны і ня будзе ўсім бачны.
  • Даступныя HTML тэгі: <em> <sup> <sub> <u> <strong> <strike> <h1> <h2> <h3> <ul> <li> <ol>